АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял. Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас. сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.
т. 1, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)